BY
EN RU BY

Беларуска-французскі бізнес-форум прайшоў у Мінску 26 кастрычніка

V Беларуска-французскі бізнес-форум адбыўся 26 кастрычніка ў гатэлі «Еўропа» ў г. Мінску. Арганізатары – Нацыянальны цэнтр маркетынгу сумесна з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы і Мінскім гарвыканкамам. Асноўныя тэмы, якія абмяркоўваліся на мерапрыемстве, – двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, інвестыцыі, экспарт і сумесныя праекты. 

«Наша галоўная задача як арганізатараў гэтага форуму – зрабіць так, каб беларускія і французскія бізнесмены сустракаліся часцей, знаходзілі агульную мову, новыя тэмы для гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, каб нашы французскія калегі мелі магчымасць даведацца аб умовах вядзення бізнесу ў Беларусі», - адзначыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха падчас адкрыцця бізнес-форуму. Гаворачы аб перспектыўных напрамках супрацоўніцтва, ён вылучыў сельскую гаспадарку, ядзерную энергетыку, будаўніцтва.

«Францыя – важны партнёр для нашай краіны. Эканамічнае супрацоўніцтва, безумоўна, з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дыялогу паміж Беларуссю і Францыяй, – заявіў намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Краўчанка ў сваім вітальным слове. – Штогадовыя сустрэчы прадстаўнікоў дзелавых колаў дзвюх краін ужо сталі добрай традыцыяй. Гэта пацвярджае ўстойлівая цікавасць нашых краін да развіцця ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва. Многія бізнесмены прынялі ўдзел у падобных мерапрыемствах, наладзілі дзелавыя кантакты, якія з'яўляюцца залогам далейшага паспяховага эканамічнага супрацоўніцтва».

Дыпламат таксама адзначыў, што ў 2017 г., пасля трох гадоў зніжэння, быў зафіксаваны рост узаемнага тавараабароту. Назіралася павелічэнне як беларускага экспарту ў Францыю, так і французскага імпарту ў Беларусь. Вырас аб'ём паставак традыцыйнай для ўзаемнага гандлю прадукцыі. Акрамя таго, з'явіліся новыя таварныя пазіцыі, атрымала развіццё інвестыцыйнае супрацоўніцтва.

На дадзены момант у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 63 арганізацыі з французскімі інвестыцыямі. Найбуйнейшымі кампаніямі, якія даўно і паспяхова працуюць у Беларусі, з'яўляюцца Peugeot-Citroen, Renault, Danone, Sanofi, Lactalis і шэраг іншых.

«Мы будзем вітаць прыход на наш рынак і іншых інвестараў з Францыі, тым больш што ў Беларусі створаны камфортныя ўмовы для інвестыцыйнай дзейнасці», – рэзюмаваў Алег Краўчанка.

На пляцоўцы форуму сабраліся дэлегацыі міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін. З французскага боку ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі 20 кампаній будаўнічай і машынабудаўнічай галін, тэкстыльнай прамысловасці, авіябудавання, а таксама турыстычныя, кансалтынгавыя кампаніі. З беларускага боку – каля 40 кампаній.

У ходзе правядзення форуму адбылося падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным цэнтрам маркетынгу і Асацыяцыяй прадпрымальнікаў Францыі «МЕДЕФ» (MEDEF INTERNATIONAL). Гэта супрацоўніцтва дазволіць бізнес-колам дзвюх краін знайсці новых партнёраў і павялічыць інвестыцыі.

У рамках форуму прайшлі прэзентацыі беларускіх і французскіх кампаній, якія маюць паспяховы вопыт рэалізацыі сумесных праектаў у Беларусі. Таксама адбылося падпісанне рамачных пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і культуры. Акрамя таго, у ходзе правядзення бізнес-форуму было абвешчана аб стварэнні беларуска-французскай асацыяцыі развіцця эканамічнага супрацоўніцтва «БелФранторгінвест».