BY
EN RU BY

У Нацыянальным цэнтры маркетынгу адбылася сустрэча з прадстаўнікамі в'етнамскай карпарацыі HAPRO



14 верасня Нацыянальны цэнтр маркетынгу наведала дэлегацыя в'етнамскай карпарацыі HAPRO на чале з намеснікам генеральнага дырэктара карпарацыі спадарыняй Нгуен Тхі Хаі Тхань. У склад дэлегацыі ўвайшлі дырэктар экспартна-імпартнага філіялакампаніі па паўночным кірунку Ле Ань Туан, гандлёвы саветнік Пасольства Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам у Рэспубліцы Беларусь Нгуен Тіен Фыонг і саветнік Пасольства Нгуен Тунг Лам.З беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі 15 прадпрыемстваў харчовай прамысловасці і буйных гандлёвых сетак.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха нагадаў словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы з паслом В'етнама Ле Анэм пра тое, што палітычныя адносіны паміж краінамі знаходзяцца на больш высокім узроўні, чым гандлёва-эканамічныя: «Эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і В'етнама трэба падцягваць да ўзроўню палітычных адносін».

«На сённяшняй сустрэчы мы паспрабуем стварыць аснову для дасягнення такога ўзроўню і ў эканоміцы. Тым больш што прысутныя тут зацікаўлены ў супрацоўніцтве: некаторыя тавары ў В'етнаме можна закупіць нават напалову танней, чым у цяперашніх пастаўшчыкоў», - адзначыў Валерый Садоха.

Нгуен Тіен Фыонг пацвердзіў, што пакуль тавараабарот паміж дзвюма краінамі не такі высокі, як хацелася б, аднак патэнцыял ёсць: у 2017 г. паказчык ўзаемнага гандлю таварамі склаў $ 135 млн. З ім пагадзіўся Нгуен Тунг Лам і заявіў, што дадзеная сустрэча павінна паспрыяць рашэнню пастаўленай кіраўнікамі дзвюх краін задачы па дасягненню тавараабароту ў $ 500 млн.

Беларускія прадпрыемствы зацікаўлены як у экспарце сваёй прадукцыі праз сетку гандлёвых аб'ектаў HAPRO у В'етнам, так і ў закупках в'етнамскіх прадуктаў. Чай, кава, рыс, арэхі, перац і іншыя спецыі, кансерваваныя і свежыя садавіна і гародніна з В'етнама маглі б з'явіцца на паліцах беларускіх крамаў.

В'етнам штогод імпартуе да 70% малочнай прадукцыі для патрэб рынка, таму прадстаўнікоў кампаніі HAPRO асабліва зацікавілі прапановы беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, у прыватнасці ААТ «Бабуліна крынка», СААТ «Белавежскія сыры», УПП «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат». Прадстаўнікі в'етнамскай карпарацыі таксама праявілі цікавасць да прадукцыі ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод», ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», ААТ «Лідахарчканцэнтраты» і іншых кампаній.

У ходзе перамоваў у фармаце В2В, якія адбыліся пасля сустрэчы, бакі больш дэталёва абмеркавалі магчымыя напрамкі супрацоўніцтва, абмяняліся кантактамі і дамовіліся прадоўжыць узаемадзеянне.

Для даведкі

В'етнамская карпарацыя HAPRO ўваходзіць у топ-500 найбуйнейшых кампаній В'етнама. Яе таваразварот складае каля $ 400 млн, геаграфія паставак ўключае больш за 70 краін. Асноўныя напрамкі дзейнасці: імпарт і экспарт харчовай прадукцыі, інвеставанне і будаўніцтва камерцыйных будынкаў. HAPRO кіруе Дыстрыбутарскай і рознічнай сеткай: гандлёвымі цэнтрамі Hapro, аптовымі рынкамі, супермаркетамі і крамамі Hapromart і Haprofood.