BY
EN RU BY

У Нацыянальным цэнтры маркетынгу адбылася сустрэча з Паслом Беларусі ў Францыі і Іспаніі Паўлам Латушка

14 жніўня ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу прайшла сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы і Каралеўстве Іспанія (па сумяшчальніцтве) Паўлам Латушка. У ёй таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі іспанскай кампаніі «Русскомерс», якая спецыялізуецца на арганізацыі бізнес-місій у Іспанію і дзелавых колаў гэтай краіны за мяжу.

У пачатку сустрэчы Павел Латушка падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важна развіваць адносіны з Іспаніяй. «У гэтым годзе адкрыўся офіс беларускага пасольства ў Іспаніі, а ў бліжэйшы час мы адкрыем ганаровае консульства ў Барселоне. З гэтай нагоды плануем арганізаваць бізнес-форум у сталіцы Каталоніі», - сказаў Павел Латушка.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха лічыць, што ў супрацоўніцтва Беларусі і Іспаніі ёсць вялікія перспектывы, і што Іспанія можа стаць свайго роду стартавай пляцоўкай для выхаду з беларускай прадукцыяй на рынкі краін Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Праектны менеджэр «Русскоммерс» Таццяна Ледзянёва пацвердзіла, што кампанія гатова развіваць супрацоўніцтва з Цэнтрам і аказваць садзейнічанне беларускім кампаніям на рынку Іспаніі. «Мы ведаем ментальнасць іспанцаў, асаблівасці мясцовай дзелавой этыкі. Думаю, мы зможам знайсці агульныя падыходы ў нашай працы», - сказала яна.

У час сустрэчы бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне дзвюх краін у выставачнай дзейнасці, пошуку дзелавых партнёраў, арганізацыі бізнес-сустрэч. Таксама іспанскай дэлегацыі быў прэзентаваны комплекс паслуг і магчымасцяў Нацыянальнага цэнтра маркетынгу па аказанні садзейнічання кампаніям у развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці.