BY
EN RU BY

Беларуска-Латвійскі бізнес-форум адбыўся ў Віцебску

29 лістапада 2018 г. у г. Віцебску прайшоў Беларуска-Латвійскі бізнес-форум у рамках мерапрыемства «Дні Латвійскіх рэгіёнаў у Віцебску», прымеркаваных да святкавання 100-годдзя Незалежнасці Латвійскай Рэспублікі. Арганізатарамі выступілі Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Консульства Латвійскай Рэспублікі ў г. Віцебску, Латвійскае агенцтва інвестыцый і развіцця, Таварыства садзейнічання латвійска-беларускім эканамічным сувязям, Гандлёва-прамысловая палата Латвіі, Саюз самакіраванняў Латвіі і іншыя.

Дырэктар філіяла Нацыянальнага цэнтра маркетынгу ў г. Віцебску Усевалад Первіцкі у рамках бізнес-форуму правёў прэзентацыю магчымасцяў Цэнтра па аказанні садзейнічання беларускім і латвійскім кампаніям у развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

У Беларуска-Латвійскім бізнес-форуме прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога камітэта Мікалай Шарстнёў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк і іншыя афіцыйныя асобы.

У ліку ўдзельнікаў з латвійскага боку былі кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовага самакіравання, бізнес-арганізацый і прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўкі, транспарту і лагістыкі, фінансаў і гандлю з 19 рэгіёнаў Латвіі.

На тэматычных секцыях удзельнікі форуму абмеркавалі пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і перспектывы сумеснай работы ў сферах будаўніцтва, энергетыкі, прамысловай вытворчасці, транспарту і лагістыкі, лёгкай і харчовай прамысловасці. Вопыт укаранення сучасных праграм уліку вады і цяпла ў шматкватэрных дамах разгледжаны на практычным семінары. Таксама прайшлі прэзентацыі турыстычнага патэнцыялу Віцебскай вобласці і Латвіі.

У ходзе мерапрыемства адбыліся В2В перамовы па ўсталяванню і развіццю супрацоўніцтва ў розных сферах, уключаючы лагістыку, дрэваапрацоўку. Падпісаны шэраг двухбаковых пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж органамі мясцовага самакіравання, прадпрыемствамі і арганізацыямі, установамі адукацыі Віцебскай вобласці і рэгіёнаў Латвіі.