BY
EN RU BY

У Мінску адбыўся Беларуска-В'етнамскі дзелавы форум

Мерапрыемства наведалі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, Міністэрства прамысловасці і гандлю В'етнама, адміністрацыі в'етнамскай правінцыі Лаокай і кіравання прасоўвання гандлю В'етнама Vietrade, а таксама каля 100 прадстаўнікоў беларускіх і в'етнамскіх кампаній сельскагаспадарчай, тэкстыльнай, машынабудаўнічай і іншых сфер прамысловасці.

Выступаючы з прывітальным словам перад удзельнікамі форуму, дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха адзначыў, што па многіх таварных пазіцыях краіны могуць быць цікавыя адзін аднаму. У прыватнасці, беларускія вытворцы тэхнікі могуць бяспошлінна ўвозіць 500 грузавых аўтамабіляў і 500 машынакамплектаў у год, вялікія перспектывы адкрываюцца ў сферы сельскай гаспадаркі. Так, Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідэраў па вытворчасці малочных прадуктаў, а В'етнам штогод закупляе 50-80 тыс. т сухога малака. Беларусь у сваю чаргу можа закупляць каву, па вытворчасці якой В'етнам займае другое месца ў свеце пасля Бразіліі, а таксама перац, рыс, морапрадукты, трапічную гародніну і садавіну.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу падкрэсліў значнасць пагаднення аб зоне свабоднага гандлю, якое адкрыла новыя магчымасці для сумеснай працы бізнесменаў Беларусі і В'етнама.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам у Рэспубліцы Беларусь спадар Ле Ань пацвердзіў, што беларуска-в'етнамскія адносіны дынамічна развіваюцца, аднак патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва рэалізаваны далёка не поўнасцю. «Мы спадзяемся, што сяброўскія адносіны паміж дзвюма краінамі прадоўжаць ўмацоўвацца, у тым ліку і на вышэйшым узроўні, і я асабіста як амбасадар прыкладу максімум намаганняў для гэтага», - запэўніў спадар Ле Ань.

Падчас форуму яго ўдзельнікі абмеркавалі актуальны стан беларускай і в'етнамскай эканомік, намецілі асноўныя напрамкі супрацоўніцтва. У прыватнасці, найбольшую цікавасць прадстаўляюць сумесныя праекты ў галіне сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, машынабудавання, тэкстыльнай галіны і IT. У рамках форуму прадстаўнікі ТАА «Мівімекс» і кампаніі «Фук Тхінь» падпісалі кантракт на пастаўку тапіокавага крухмалу.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі бізнесмены дзвюх краін прынялі ўдзел у перамовах.