BY
EN RU BY

Біржа дзелавых кантактаў з кампаніямі Разанскай вобласці прайшла ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу

У Нацыянальным цэнтры маркетынгу адбылася сустрэча з удзельнікамі бізнес-місіі Разанскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь, якая праходзіла 13 – 14 снежня.

У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Рэгіянальнага інтэграванага цэнтра Разанскай вобласці, ТАА «ІПРо», ТАА «Навамічурынскі каталізатарны завод», ТАА «Батутны цэнтр».

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх кампаній ААТ «Белхім», Reavisor, MajorDoMo, PRO Jumping, ТАА «Ноаке Салюшнс».

У сваім прывітальным слове дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха адзначыў, што кіраўнік беларускай дзяржавы надае асаблівую ўвагу рэгіянальнаму супрацоўніцтву: шматкроць губернатары з расійскіх рэгіёнаў наведвалі Беларусь, сустракаліся з Прэзідэнтам краіны, абмяркоўвалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння, асабліва ў тых сферах, дзе нашы эканомікі маглі б быць узаемадапаўняльнымі. «У Разанскай вобласці вялікі патэнцыял, я спадзяюся, ваша знаходжанне на беларускай зямлі будзе выніковым», – дадаў Валерый Садоха.

Кіраўнік рэгіянальнага інтэграванага цэнтра Разанскай вобласці Міхаіл Царапкін распавёў, што сёння ў Расіі менавіта экспарт з'яўляецца ключавым звяном у эканамічнай сістэме. «У складзе нашай дэлегацыі – прадпрыемствы з розных сектараў эканомікі. Спадзяемся, што нашы перамовы будуць прадуктыўнымі і паспрыяюць пашырэнню сувязяў паміж Беларуссю і Разанскай вобласцю», – сказаў на заканчэнне Міхаіл Царапкін.

У рамках біржы дзелавых кантактаў беларускія і расійскія бізнесмены правялі прэзентацыі сваіх кампаній, абмеркавалі магчымыя напрамкі гандлю і кааперацыі, абмяняліся кантактамі і дамовіліся аб далейшым узаемадзеянні.

Пры садзейнічанні Нацыянальнага цэнтра маркетынгу дэлегацыя Разанскай вобласці ў рамках бізнес-місіі правяла сустрэчу з прадстаўнікамі Саюза юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва», на якой абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва, у тым ліку ў рамках Тыдня прадпрымальніцтва. Таксама адбыліся перамовы з кіраўніком прадстаўніцтва Расійскага агенцтва па страхаванню экспартных крэдытаў і інвестыцый (Эксар) у Рэспубліцы Беларусь Віктарам Даранкевічам, падчас якіх разглядаліся ўмовы крэдытавання для расійскіх экспарцёраў і беларускіх імпарцёраў расійскай прадукцыі. Акрамя таго расійскія бізнесмены наведалі з экскурсіяй ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод», дзе былі азнаёмленыя з вытворчым працэсам.