BY
EN RU BY

Выйшаў у свет выпуск часопіса «Кан'юнктура рынкаў», прысвечаны Бразіліі

Традыцыйна Бразілія ўваходзіць у топ-10 гандлёвых партнёраў Беларусі. У 2017 г. больш за 98% аб'ёму беларускага экспарту ў краіну прыйшлося на калійныя ўгнаенні, аднак на бразільскім рынку могуць быць запатрабаваны і іншыя таварныя пазіцыі. Эксперты бачаць патэнцыял у пастаўках прадукцыі машынабудавання і хімічнай прамысловасці: Бразілія пастаянна мае патрэбу ў сельскагаспадарчай і іншай тэхніцы, угнаеннях, шынах. Перспектыўным таксама з'яўляецца развіццё інвестыцыйнага ўзаемадзеяння: акрамя росту тавараабароту гэта дапаможа забяспечыць фінансавую стабільнасць і прадаставіць прэферэнцыі беларускім і бразільскім кампаніям.

Пра тое, як цяпер развіваецца беларуска-бразільскае супрацоўніцтва і што можна зрабіць, каб вывесці яго на новы ўзровень, – у чарговым выпуску часопіса «Кан'юнктура рынкаў».

У 2017 г. Бразілія заняла 31-е месца ў рэйтынгу сусветных імпарцёраў з доляй імпарту 0,8% ($ 150,7 млрд). Асноўныя імпартуемыя таварныя пазіцыі і сярэднія кошты на іх, а таксама агляд беларускага экспарту ў Бразілію – у маркетынгавым даследаванні спецыялістаў Нацыянальнага цэнтра маркетынгу.

Беларускія кампаніі маюць усе шанцы заняць пазіцыі на рынку Бразіліі, калі будуць гатовыя да канкурэнцыі, упэўнены Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у гэтай краіне Аляксандр Царкоўскі. У інтэрв'ю з ім – пра тое, ці можа Бразілія стаць пляцоўкай для выхаду беларускіх тавараў у іншыя краіны рэгіёну, якія існуюць асаблівасці зносін з бразільскімі бізнесменамі і як знайсці партнёраў.

Кіраўнік прадстаўніцтва агенцтва Apex-Brasil ў г. Маскве Алмір Амерыка і ганаровы консул Беларусі ў Рыа-дэ-Жанейра Жылберта Рамас падзяліліся сваім меркаваннем аб развіцці двухбаковых адносін. Абодва эксперта лічаць, што беларускія і бразільскія бізнесмены павінны ведаць больш адзін пра аднаго і аб магчымасцях вядзення бізнесу ў нашых краінах. Пра тое, якім чынам гэтага можна дасягнуць, – чытайце на старонках часопіса.

У традыцыйных рубрыках «Вопыт» і «Саветы юрыста» – думкі прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў пра спецыфіку працы ў Бразіліі, а таксама інфармацыя пра асаблівасці бразільскага заканадаўства ў адносінах да замежных інвестараў.

Анонс гэтых і іншых матэрыялаў нумара, а таксама падрабязную інфармацыю аб тым, як аформіць падпіску на часопіс, можна знайсці на партале Export.by ў раздзеле «Выданні».

Часопіс «Кан'юнктура рынкаў» – выданне для дзелавых людзей, у якім публікуецца эксклюзіўная аналітычная інфармацыя аб стане замежных рынкаў, асаблівасцях працы і шляхах выхаду на іх, аб перспектыўных кірунках развіцця двухбаковых адносін. Часопіс выдаецца пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.