BY
EN RU BY

Нарошчванне экспарту на рынкі Латвіі і краін Еўрапейскага саюза абмеркавалі на відэаканферэнцыі з удзелам Belarus Corporation

20 красавіка Нацыянальны цэнтр маркетынгу МЗС Беларусі сумесна з Belarus Corporation арганізаваў відэаканферэнцыю, прысвечаную перспектывам развіцця беларуска-латвійскіх гандлёва-эканамічных адносін у кантэксце выхаду на рынкі Еўропы. Паміж арганізацыямі быў раней падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Belarus Corporation нядаўна створана ў г.Рызе (Латвія) для рэалізацыі праектаў экспартнай накіраванасці беларускіх і еўрапейскіх прадпрыемстваў.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха падкрэсліў важнасць пабудовы супрацоўніцтва з Латвіяй як у двухбаковым фармаце, так і ў рэгіянальным кантэксце. Ён адзначыў, што па выніках 2020 г. беларускі экспарт у Латвію без уліку нафтапрадуктаў і угнаенняў склаў каля 300 млн. дал. ЗША. Валерый Садоха праінфармаваў, што Нацыянальным цэнтрам маркетынгу на пастаяннай аснове вядзецца работа па актывізацыі ўзаемадзеяння дзелавых колаў Беларусі і Латвіі. Так, напрыклад, у 2018 - 2020 гг. неаднаразова былі арганізаваны калектыўныя экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на Міжнароднай прамысловай выставе «Tech Industry» і Міжнароднай турыстычнай выставе «Balttour» у г. Рыга.

Эксперты Belarus Corporation праінфармавалі беларускіх вытворцаў аб практычных мадэлях выхаду на рынкі Еўропы. Былі абмеркаваны магчымасці стварэння сумесных вытворчасцей на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (з распрацоўкай стратэгіі прасоўвання складанатэхналагічнай і іншай прадукцыі), у тым ліку з магчымасцю прыцягнення грантавага еўрапейскага фінансавання. Таксама абмяркоўваліся пытанні практычнай рэалізацыі беларускіх тавараў у сетках рэсэлераў ЕС, сертыфікацыі прадукцыі па стандартах ЕС і іншыя пытанні, якія тычацца магчымасцяў павелічэння экспарту беларускай прадукцыі на рынак краін ЕС.

У відэаканферэнцыі прынялі ўдзел больш за 70 беларускіх прадпрыемстваў лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці, а таксама машынабудаўнічай і металаапрацоўчай галін прамысловасці.