BY
EN RU BY

Нацыянальны цэнтр маркетынгу наведала бізнес-дэлегацыя з іспанскай Каталоніі

26-29 лютага Нацыянальны цэнтр маркетынгу МЗС Беларусі сумесна з Пасольствам Беларусі ў Іспаніі арганізаваў візіт каталонскай дэлегацыі ў Мінск. Гэта другі візіт прадстаўнікоў дзелавых колаў Каталоніі ў Беларусь у гэтым годзе.

27 лютага ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу адбылася сустрэча з прадстаўнікамі іспанскіх дзелавых колаў на чале з віцэ-міністрам сельскай гаспадаркі Каталоніі г-ном Кармэль Модал і Брысалі. Удзельнікамі сустрэчы таксама сталі Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у г. Барселоне Крысціян Балселлс Навара, дырэктар дзяржаўнага Агенцтва PRODECA па падтрымцы інтэрнацыяналізацыі і знешняга гандлю каталонскіх прадуктаў Рамон Сентмарці, каталонскія прадпрыемствы, зацікаўленыя ў развіцці двухбаковага гандлю.

З беларускага боку ў сустрэчы ўзялі ўдзел айчынныя прадпрыемствы па вытворчасці, перапрацоўцы і ўпакоўцы прадуктаў харчавання, рытэйлеры, кіраўніцтва і спецыялісты Нацыянальнага цэнтра маркетынгу МЗС Беларусі, прадстаўнікі СМІ.

«Іспанія — краіна, у якой валавы ўнутраны прадукт больш, чым у Расіі. Каталонія — чацвёртая частка ўсяго ВУП Іспаніі. Таму супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам вельмі для нас перспектыўна. Таварныя пазіцыі, якія там вырабляюцца і якіх няма ў нас, — аліўкавы алей, персікі, вінаград і іншыя тавары. Беларусь цікавая каталонцы ў частцы сельгастэхнікі, экалагічнай ўпакоўкі з дрэва», — растлумачыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха.

«Барселона з'яўляецца стратэгічным хабам, у якога ёсць сувязі з Афрыкай, Блізкім Усходам, азіяцкімі краінамі. У Каталоніі ёсць высокаразвіты порт, праз яго мы падтрымліваем гандлёвыя адносіны практычна з усімі краінамі свету. Мінск таксама з'яўляецца свайго роду стратэгічным цэнтрам. Таму Беларусь уяўляе цікавасць не толькі з пункту гледжання ўнутранага рынку, але і як кропка выхаду на новыя для нас рынкі», — заявіў, у сваю чаргу, прадстаўнік іспанскага боку Рамон Сентмарці.

Адбылося абмеркаванне магчымасці стварэння сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі (аліўкавы алей, прадукцыя вінаробства, садавіна), а таксама прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на разліве і фасоўцы такой прадукцыі.

«Нам, безумоўна, цікава працаваць з Еўрапейскім Саюзам, Іспаніяй. Мы ведаем гэтую краіну як аднаго з буйных вытворцаў аліўкавага алею. Беларускі спажывец павінен атрымліваць высакаякасны прадукт. Наша прадпрыемства зацікаўлена ў стварэнні сумеснага прадпрыемства па разліву алею і выхаду з ім на рынак», — выказаў меркаванне першы намеснік дырэктара Гомельскага тлушчавага камбіната Ігар Мажанаў.

Адбыліся B2B перамовы паміж прадстаўнікамі прадпрыемстваў абедзвюх краін, якія ўключылі дэгустацыю іспанскай прадукцыі.

У рамках візіту дэлегацыя з Каталоніі плануе таксама наведаць Мінскі трактарны завод, Мінскі завод пеністых вінаў, а таксама буйныя гандлёвыя сеткі.