BY
EN RU BY

Чарговы выпуск часопіса «Export of Belarus» прысвечаны экспартнаму патэнцыялу рынку адукацыйных паслуг Рэспублікі Беларусь

Новы спецвыпуск «Адукацыя ў Беларусі» часопіса «Export of Belarus» прысвечаны экспартнаму патэнцыялу рынку адукацыйных паслуг Рэспублікі Беларусь.

У 2019/2020 навучальным годзе ў беларускіх установах адукацыі навучаецца больш за 26 тыс. замежных грамадзян з 102 краін свету, з іх каля 25 тыс. — у ВНУ. Акрамя таго, больш за 2 тыс. замежных студэнтаў праходзяць навучанне на сумесных факультэтах і праграмах беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі за мяжой. Найбольшая колькасць замежных студэнтаў — з Азербайджана, Індыі, Ірана, Казахстана, Кітая, Лівана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Шры-Ланкі. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі падрыхтоўка замежных студэнтаў вядзецца па 15 профілях. Пастаянна пашыраецца пералік адукацыйных праграм на англійскай мове: у цяперашні час такія паслугі прапануюць 27 устаноў вышэйшай адукацыі па 181 спецыяльнасці.

Аб развіцці экспарту беларускіх адукацыйных паслуг і фактарах прывабнасці нашай краіны на міжнародным рынку адукацыі распавёў у інтэрв'ю часопісу Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка: «Вялікая ўвага надаецца павышэнню канкурэнтаздольнасці нацыянальнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку прасоўванню беларускіх ВНУ ў міжнародных адукацыйных рэйтынгах. Так, у рэйтынгу Webometrics (па стане на 1 лютага 2019 г.) сярод 4 тыс. лепшых універсітэтаў свету прадстаўлены Беларускі дзяржаўны універсітэт (1116 пазіцыя), а таксама Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі». Ігар Карпенка таксама адзначыў, што па выніках апытанняў, замежнікаў прыцягвае высокі ўзровень бяспекі ў нашай краіне, добразычлівасць беларусаў, а таксама магчымасць працаваць па спецыяльнасцi ў час вучобы.

У маі 2015 годза Беларусь стала ўдзельнікам Балонскага працэсу. Міністр адукацыі падзяліўся інфармацыяй пра тое, якія крокі па развіцці вышэйшай адукацыі прыняты нашай краінай у рамках руху да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Ён падкрэсліў, што асаблівым кампанентам праекта стала накіраванасць на абнаўленне якасці вышэйшай адукацыі, у тым ліку праз стварэнне нацыянальнага агенцтва па забеспячэнню якасці адукацыі і яго ўступлення ў Еўрапейскую асацыяцыю такіх агенцтваў (ENQA).

У спецвыпуску «Export of Belarus» інфармацыю аб сваіх паслугах прадставілі беларускія ўстановы адукацыі.

«Export of Belarus» выдаецца Нацыянальным цэнтрам маркетынгу МЗС Рэспублікі Беларусь. Часопіс разлічаны на замежную аўдыторыю, выходзіць на рускай і англійскай мовах і распаўсюджваецца на міжнародных мерапрыемствах у нашай краіне і за мяжой, а таксама замежнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь для прасоўвання інтарэсаў айчыннага экспарту. Электронная версія часопіса размяшчаецца на Партале інфармацыйнай падтрымкі экспарту.

З поўнай электроннай версіяй «Export of Belarus» можна азнаёміцца ​​тут