BY
EN RU BY

Па выніках выставы «Tech Industry» у Рызе дасягнуты шэраг дамоўленасцей

У Рызе прайшла Міжнародная выстава «Tech Industry», дзе вядучымі беларускімі прадпрыемствамі былі прадстаўлены дасягненні і найноўшыя распрацоўкі ў галіне металургіі, ліцейнай вытворчасці, машынабудавання, металаапрацоўкі, а таксама нафтагазавай прамысловасці. Нацыянальная экспазіцыя нашай краіны традыцыйна была арганізавана Нацыянальным цэнтрам маркетынгу.

Па выніках работы беларускага стэнда ўдзельнікамі быў дасягнуты шэраг дамоўленасцей, падпісаны кантракты і пагадненні аб супрацоўніцтве. ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод» падпісаны экспартны кантракт на суму 200,0 тыс. дол. ЗША. ААТ Станказавод «Чырвоны барацьбіт» атрымаў шэраг запытаў на пастаўку станкоў шліфавальнай і фрэзернай групы. ААТ «ММЗ» дасягнуты пагадненні аб павелічэнні паставак трубавай прадукцыі, чарнавых восяў, чыгунных люкаў, таксама разглядаецца магчымасць пастаўкі апошніх для патрэб Латвійскай чыгункі.

Кіруючая кампанія холдынгу «Аўтакампаненты» ААТ «БАТЭ» адзначае, што ўдзел у выставе дазволіў прадэманстраваць інавацыйныя распрацоўкі прадпрыемстваў холдынгу. Па выніках дасягнутых у ходзе выставы дамоўленасцей падрыхтаваны і накіраваны камерцыйныя прапановы па пастаўцы XPS-пліты, стартэраў, генератараў і іншай прадукцыі. А гэта значыць, што ў хуткім часе будуць падпісаны новыя кантракты.

Заключаны шэраг пагадненняў у сферы навуковага супрацоўніцтва. Пратакол аб намерах супрацоўніцтва ў галіне сумесных навуковых і адукацыйных праграм Erasmus+ падпісаны паміж Інстытутам сілікатных матэрыялаў Рыжскага тэхнічнага універсітэта і Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя. Ф.Скарыны. Таксама Рыжскі тэхнічны універсітэт заключыў пагадненне аб супрацоўніцтве з ДНУ «Інстытут парашковай металургіі імя акадэміка А.В.Рамана». БДУ падпісаны адразу тры пагадненні з рознымі навуковымі ўстановамі Латвіі аб супрацоўніцтве ў сферы стартап-праектаў, распрацоўкі і пастаўкі абсталявання для ацэнкі стану дыхальнай сістэмы чалавека з магчымасцю аддаленай кансультацыі спецыялістаў і іншых накірунках.

«Выстава «Tech Industry» з'яўляецца адзінай пляцоўкай, якая дае магчымасць прадстаўлення нашых навукаёмістых распрацовак на рынку краін Балтыі, што дазваляе знайсці партнёраў для іх практычнай рэалізацыі», — адзначылі ўдзельнікі-прадстаўнікі БНТУ.