BY
EN RU BY

Беларускія дзяржорганы і прадпрыемствы прэзентавалі свае магчымасці па ўдзелу ў выставе China International Import Expo


9 кастрычніка ў Мінску адбылася трэцяя (фінальная) прэзентацыя па ўдзелу Беларусі ў Першай кітайскай міжнароднай выставе імпартных тавараў і паслуг China International Import Expo, якая пройдзе ў Шанхаі 5-10 лістапада.

Мерапрыемства арганізавана па ініцыятыве і пры ўдзеле Міністэрства замежных спраў Беларусі і Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

З уступным словам выступіў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў. Далей да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін.

З прэзентацыяй Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь выступіў дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн Валерый Садоха. У прыватнасці, ён паведаміў, што Беларусь будзе прадстаўлена ў двух тэматычных блоках. Нацыянальны павільён размесціцца на плошчы 136 кв. м, а зона прадпрыемстваў складзе 642 кв. м. Агульная колькасць беларускіх арганізацый-удзельнікаў - больш за 80.

Ўдзелу нашай рэспублікі ў выставе надаецца вялікая ўвага на ўрадавым узроўні, і беларускія экспарцёры рыхтуюцца да мерапрыемства з улікам таго, што найбольш цікава кітайскаму пакупніку. Менавіта ў гэтых мэтах у рамках падрыхтоўкі да выставы ўжо былі праведзены дзве пробныя прэзентацыі, падчас якіх беларускія ўдзельнікі атрымалі ад кітайскага боку шмат практычнай інфармацыі, карысных заўваг і канструктыўных прапаноў, каб у Шанхаі быць прадстаўленымі ў лепшым выглядзе.

На фінальнай сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў былі прадэманстраваны прэзентацыі удзельнікаў у галіновым разрэзе на кітайскай мове, максімальна набліжаныя да ўмоў выставы, разгледжаны рэкламныя матэрыялы па экспануемай прадукцыі, прайшла дэгустацыя харчовай прадукцыі, адбылося выступленне творчага калектыву, які будзе накіраваны ў Шанхай.

Для даведкі

Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн выступае арганізатарам Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на выставе China International Import Expo, а таксама беларуска-кітайскага дзелавога форуму. З кітайскага боку арганізатарамі выставы з'яўляюцца Міністэрства камерцыі КНР і Народны ўрад Шанхая. Выстава будзе праводзіцца пад эгідай Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці. Першая кітайская міжнародная выстава імпартных тавараў і паслуг China International Import Expo пройдзе ў самым вялікім у свеце выставачным комплексе, агульная плошча забудовы якога складае каля 1,5 млн кв. м. У мерапрыемстве прымуць удзел больш за 2,8 тыс. кампаній з 130 краін. Мяркуецца, што колькасць аптовых пакупнікоў на выставе дасягне 150 тыс.