BY
EN RU BY

Практычны семінар па прасоўванні экспарту беларускіх прадпрыемстваў прайшоў у г. Брэсце

Нацыянальны цэнтр маркетынгу 5 снежня 2018 г. у г. Брэсце правёў для прадпрыемстваў і арганізацый практычны семінар на тэму «Эфектыўныя інструменты прасоўвання экспарту беларускіх прадпрыемстваў. Забеспячэнне закупак тавараў, работ і паслуг у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 280 чалавек, якія сабраліся ў Брэсцкім аблвыканкаме, а таксама падключыліся да семінара ў рэжыме анлайн-відэаканферэнцыі ў гаррайвыканкамах. Слухачамі сталі кіраўнікі і спецыялісты аддзелаў па маркетынгу і рэкламе, знешнеэканамічнай дзейнасці, закупках, продажах і збыце прадпрыемстваў усіх галін і рэгіёнаў Брэсцкай вобласці. У прыватнасці, прадстаўнікі ААТ «Брэсцкі мясакамбінат», кіруючай кампаніі холдынгу «Канцэрн Брэстмясамалпрам», СП ААТ «Брэстгазаапарат», ААТ «Экзон», ААТ «Берасцейскі пекар», УП «Прамбріс», УА «Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт» і інш.

У прывітальным слове старшыня камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Бацэнко падкрэсліў, што вельмі важна валодаць інструментамі прасоўвання экспарту: «Сёння мала вырабіць, ва ўмовах нарастаючай канкурэнцыі неабходна ўмець вывучаць рынкі збыту, граматна выкарыстоўваць інструменты маркетынгу, эфектыўна ўдзельнічаць у замежных выставах, правільна прасоўваць інтарэсы сваёй кампаніі». Ён выказаў надзею, што падчас семінара яго ўдзельнікі атрымаюць адказы на ўсе хвалюючыя пытанні.

У сваю чаргу начальнік упраўлення развіцця і рэгіянальнай сеткі Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Сяргей Андрэеў звярнуў увагу на магчымасці супрацоўніцтва з беларускімі замежнымі ўстановамі, у тым ліку праз Нацыянальны цэнтр маркетынгу. У прыватнасці, ішла размова аб накіраванні камерцыйных прапаноў і інфармацыі аб інвестыцыйных праектах. Пры гэтым неабходна афармляць прапановы ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія можна знайсці на сайце Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра маркетынгу распавялі пра тонкасці правядзення маркетынгавых даследаванняў, пошуку пакупнікоў і дзелавых партнёраў, эфектыўным удзеле ў выставах. Былі прэзентаваныя магчымасці Партала інфармацыйнай падтрымкі экспарту Export.by, які можа выкарыстоўвацца як інтэрнэт-пляцоўка для прасоўвання айчынных тавараў на знешнія рынкі. Асобнай тэмай стаў удзел у замежных закупках і таргах. Галоўны спецыяліст упраўлення кліенцкага менеджменту Банка развіцця Рэспублікі Беларусь Аляксандр Тарасаў праінфармаваў слухачоў аб экспартным фінансаванні. Пасля семінара спікеры адказалі на пытанні слухачоў.

Брэст стаў трэцім абласным цэнтрам, дзе арганізавана падобнае навучальнае мерапрыемства. Раней семінары прайшлі ў Віцебску і Гомелі. Наступныя заняткі з цыкла практычных семінараў па экспартнай тэматыцы плануецца правесці ў Гродне, Мінску і Магілёве.