BY
EN RU BY

У Нацыянальным цэнтры маркетынгу прайшоў семінар з пасольствамі ў фармаце онлайн-відэаканферэнцыі

4 снежня Нацыянальны цэнтр маркетынгу правёў завяршальнае у бягучым годзе мерапрыемства з цыкла краінавых семінараў на тэму «Пытанні дыверсіфікацыі рынкаў збыту для беларускіх экспарцёраў».

На анлайн-відэаканферэнцыі ў фармаце «пытанне – адказ» супрацоўнікі пасольстваў Беларусі ў Карэі, Індыі і Францыі і прадстаўнікі айчынных прадпрыемстваў і арганізацый розных сфер дзейнасці абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, звязаных з развіццём экспарту і інвестыцыйным супрацоўніцтвам, узаемадзеяннем у сферах медыцыны, адукацыі, культуры. Семінар трансліраваўся ў абласныя філіялы Цэнтра ў рэжыме анлайн.

Эканоміка Рэспублікі Карэя арыентавана на экспарт: у апошнія гады краіна ўваходзіць у першую дзясятку па аб'ёме экспарту ў свеце. «Сёння ёсць шэраг фактараў, якія пазітыўна ўплываюць на развіццё двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі: створана неабходная дагаворна-прававая база, назіраецца стабільна высокая плацежаздольнасць паўднёвакарэйскіх партнёраў. Эканоміка краіны штогод расце, і гэта павышае нашу цікавасць да Рэспублікі Карэя як да інвестара ў беларускую эканоміку», – расказала першы сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Карэя Вольга Ажыгала. У рамках курсу новай паўночнай эканамічнай палітыкі, узятага краінай з 2017 г., урад Рэспублікі Карэя лічыць прыярытэтным супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферах інавацыйнай вытворчасці, лічбавай эканомікі, венчурнага фінансавання, падтрымкі стварэння сістэм бізнес-стартапаў і тэхнапаркаў.

Саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Індыя Андрэй Карпечкін адзначыў, што Індыя з'яўляецца маштабным рынкам для беларускіх тавараў, крыніцай як інвестыцый, так і перадавых тэхналогій, якія можна выкарыстоўваць у беларускай эканоміцы. «Сёння кантакты паміж краінамі развіваюцца на самым высокім і вышэйшым узроўні. У верасні 2018 г. адбылося пасяджэнне IX міжурадавай камісіі. Сустрэчы бізнес-колаў праходзяць на рэгулярнай аснове». Што тычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, то беларускі экспарт і таваразварот у цэлым выраслі. У мінулым годзе экспарт павялічыўся на 12%, за першыя тры кварталы бягучага года зафіксаваны рост больш чым на 20%.

«Францыя – важны партнёр для Беларусі. Эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дыялогу паміж нашымі краінамі, – адзначыў саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы Сяргей Казлоў. – Пацвярджэннем гэтаму служыць V Беларуска-Французскі бізнес-форум, які адбыўся ў кастрычніку бягучага года ў Мінску. Падобныя мерапрыемствы маюць практычную карысць: наладжваюцца дзелавыя кантакты, падпісваюцца пагадненні, рэалізуюцца сумесныя праекты, якія з'яўляюцца залогам далейшага паспяховага эканамічнага супрацоўніцтва».

Разам з тым паток прамых інвестыцый з Францыі ў Беларусь сёння невысокі. У ліку асноўных мінусаў, пра якія гавораць французскія бізнесмены: адсутнасць поўнай і аб'ектыўнай інфармацыі пра ўмовы вядзення бізнесу ў Беларусі, а таксама недастатковая колькасць буйных паказальных праектаў, у сувязі з чым малыя і сярэднія прадпрыемствы Францыі асцерагаюцца выходзіць на беларускі рынак. Неабходна працаваць над сумеснымі праектамі, і іх вынік прыцягне іншых, лічыць супрацоўнік беларускай дыпмісіі.

Нагадаем, што цыкл краінавых семінараў у фармаце анлайн-відэаканферэнцый Нацыянальны цэнтр маркетынгу сумесна з пасольствамі Рэспублікі Беларусь за мяжой праводзіць другі год запар. У лістападзе – снежні 2018 г. у семінарах прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія атрымалі актуальную інфармацыю аб умовах вядзення знешнегандлёвай дзейнасці ў пэўнай краіне (рэгіёне), змаглі задаць пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы з першых вуснаў.