BY
EN RU BY

У Нацыянальным цэнтры маркетынгу адбылася канферэнцыя «Экспарт у ЕС харчовай прадукцыі»

10 ліпеня 2018 г. Нацыянальны цэнтр маркетынгу правёў галіновую канферэнцыю «Экспарт у ЕС харчовай прадукцыі» з трансляцыяй у філіялы Цэнтра.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЕС Аляксандр Міхневіч, намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла, кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь у 12 краінах ЕС, а таксама каля 50 прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў.

У 2017 г. доля паставак у ЕС у беларускім экспарце склала 28%, паведаміў Аляксандр Міхневіч. Ён дадаў, што ў канцы жніўня Беларусь збіраецца наведаць еўракамісар, які курыруе санітарныя і фітасанітарныя пытанні, і гэта значыць, што ў Еўропе разглядаюць Беларусь у якасці патэнцыйнага пастаўшчыка.

Паводле інфармацыі Ігара Брыла, экспарт харчовай прадукцыі ў ЕС у 2017 г. дасягнуў $ 140 млн, або 2,9% ад агульнага аб'ёму экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі. «У цэлым можна казаць, што структура паставак мяняецца на карысць перапрацаванай прадукцыі: Беларусь экспартуе ў ЕС рапсавы алей, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, воды і алкагольную прадукцыю. І рэзервы па павелічэнню экспарту ў гэтым напрамку яшчэ не вычарпаны», - адзначыў намеснік міністра.

У сваім выступленні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Германіі Дзяніс Сідарэнка звярнуў увагу на магчымасці выхаду на рынак Германіі праз сеткі «рускіх магазінаў». Попытам можа карыстацца беларуская прадукцыя прыроднага паходжання: дзікарослыя грыбы і ягады, лекавыя травы, шкіпінар, рапс, ільновалакно і інш. Акрамя таго, гэтыя тавары з'яўляюцца экалагічнымі, што зараз вельмі запатрабавана ў Германіі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр'янаў пагадзіўся з калегам у тым, што на рынку ЕС неабходна знайсці дыстрыбутара. Ён нагадаў, што прадукцыя ўвесь час павінна быць на вачах у спажыўцоў. Гэтаму спрыяе ў тым ліку і ўдзел прадпрыемстваў у выставачных мерапрыемствах.

У рамках канферэнцыі прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў атрымалі інфармацыю аб розных аспектах экспарту ў ЕС, і змаглі задаць свае пытанні. Плануецца, што гэтае мерапрыемства стане адным з першых у цыкле галіновых канферэнцый па працы на рынку ЕС.