BY
EN RU BY

Пытанні арганізацыі беларускай экспазіцыі на I Кітайскай міжнароднай выставе імпарту абмяркоўваліся на сустрэчы ў Пасольстве КНР у г. Мінску

Экспертная сустрэча па падрыхтоўцы беларускай экспазіцыі на I Кітайскай міжнароднай выставе імпарту ў г. Шанхаі адбылася 11 ліпеня 2018 г. у Пасольстве Кітая ў Мінску. Мерапрыемства было ініцыявана Міністэрствам замежных спраў Беларусі і Пасольствам Кітая.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін, намеснікі міністраў эканомікі і сельскай гаспадаркі нашай краіны, супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра маркетынгу, беларускіх дзяржаўных устаноў, канцэрнаў, прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікі кітайскай дыяспары і асацыяцыі кітайскіх прадпрымальнікаў у Беларусі.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха прадставіў удзельнікам сустрэчы канцэпцыю беларускай экспазіцыі на выставе ў Кітаі. На мерапрыемстве была арганізавана прэзентацыя асноўных экспануемых тавараў і дэгустацыя беларускіх прадуктаў харчавання. Адбыўся абмен думкамі па пытаннях арганізацыі ўдзелу беларускіх вытворцаў у выставе, а таксама абмяркоўваліся перспектывы прасоўвання беларускай прадукцыі ў Кітаі.

Да ведама:

I Кітайская міжнародная выстава імпарту пройдзе ў Шанхаі з 5 па 10 лістапада 2018 г. У ёй плануюць прыняць удзел больш за 1600 кампаній са 120 краін свету. На выставе будзе арганізаваны нацыянальны павільён Беларусі, а таксама прадстаўлены стэнды шматлікіх беларускіх вытворцаў. Арганізатарам беларускай экспазіцыі на выставе выступае Нацыянальны цэнтр маркетынгу