BY
EN RU BY

Выйшаў у свет выпуск часопіса «Export of Belarus», прысвечаны інвестыцыйнаму патэнцыялу Рэспублікі Беларусь

У выпуску асноўная ўвага нададзена прэферэнцыйным рэжымам інвеставання, перш за ўсё эканамічнаму патэнцыялу свабодных эканамічных зон Беларусі. Як адзначае ў інтэрв'ю Міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Круты, на долю СЭЗ прыходзіцца 15% вытворчасці прамысловай прадукцыі краіны, 17% экспарту і 18% прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Пры гэтым СЭЗ займаюць усяго 0,13% тэрыторыі краіны, і ў іх працуе 5% работнікаў ад сярэдняспісачнай колькасці па рэспубліцы.

Шэсць свабодных эканамічных зон маюць доўгую і паспяховую гісторыю развіцця. Да новых прарыўных праектаў сёння можна аднесці Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» са статусам асаблівай эканамічнай зоны. Кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парку Аляксандр Ярашэнка распавёў, што ў цяперашні час у «Вялікім камні» зарэгістравана 55 прадпрыемстваў з 13 краін, а аб'ём заяўленых інвестыцый перавышае $ 1 млрд. У сваім інтэрв'ю часопісу ён падрабязна спыніўся на прэферэнцыях для інвестараў, ходзе будаўніцтва на тэрыторыі парку і перспектывах яго развіцця.

Сваім меркаваннем пра выгады інвеставання ў свабодныя эканамічныя зоны Беларусі падзяліліся таксама кіраўнікі адміністрацый СЭЗ, а кампаніі-рэзідэнты прадставілі інфармацыю аб сваёй дзейнасці, таварах і паслугах.

«Export of Belarus» выдаецца Нацыянальным цэнтрам маркетынгу пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Часопіс разлічаны на замежную аўдыторыю, мовы выпуску - руская і англійская. Ён будзе распаўсюджвацца на буйных міжнародных мерапрыемствах у нашай краіне і за мяжой, у тым ліку на нацыянальных экспазіцыях.

Да ведама:

Рэкламна-інфармацыйны часопіс «Export of Belarus» выдаецца з 2016 года. Задача выдання - прадстаўляць экспартны патэнцыял беларускіх арганізацый і рэспублікі ў цэлым на рынках замежных дзяржаў. Кожны выпуск часопіса прымеркаваны да ўдзелу Беларусі ў буйных эканамічных мерапрыемствах за мяжой (выставах, форумах і т. п.). Выдаюцца таксама галіновыя і рэгіянальныя выпускі.